Пярун 
У славянскай міфалогіі бог нябеснага агню, адно з галоўных божастваў славянскага пантэона. Меў агульныя рысы з багамі-грамабоямі іншых народаў — балцкім Пяркунасам, грэчаскім Зеўсам, скандынаўскім Торам, рымскім Юпітэрам і інш. У старажытных славян увасабляў навальнічную хмару, якая дае дождж і спрыяе ўрадлівасці. У «Аповесці мінулых гадоў» сярод багоў Пярун названы першым. Перуну будавалі свяцілішчы-капішчы (рэшткі некаторых знойдзены на тэрыторыі Беларусі). Паводле старажытнабеларускіх павер'яў Пярун трымаў у руках велізарныя жорны, удараў каменем аб камень і выклікаў гром і маланку, асколкі жорнаў ляцелі на зямлю і паражалі як стрэлы. Ідалы Пяруна былі пастаўлены (побач з Дажбогам) у Кіеве і Ноўгарадзе. Пасля ўвядзення хрысціянства функцыямі і рысамі Перуна надзялілі Іллю-прарока, а таксама казачных герояў — змагароў са змеямі.
Апісанне
Пярун — старэйшы сын Сварога, захавальнік нябеснага агню. Гэта велічны, статны, высокага росту мужчына з чорнымі валасамі і доўгай залатой барадою. Седзячы на грамавых жорнах, якія нясуць Гарцукі, ён раз'язджае па небе. Пярун узброены молатам і лукам-вясёлкай са стрэламі-маланкамі. Стрэламі, пушчанымі з лука, ён забівае памагатых Чарнабога, якія нагрувашчваюць велізарныя хмары, каб закрыць сонца, сарваць месяц, сабраць у хмары пітво жыцця — ваду.
Ударамі каменнага молата Пярун разбівае хмары, і апладняльная вада льецца на Зямлю. Памагатыя Чарнабога разбягаюцца і хаваюцца па ўсім Свеце, і тады Пярун пачынае на іх паляванне.
Як Пярун кідае стрэлы-маланкі, дык усё баіцца, дрыжыць, нават дождж палохаецца і пачынае бы з вядра ліць. Маланкі-стрэлы бліскаюць не роўна, а касіцамі, бо Нядобрыя Духі хочуць ухіліцца, таму страла за імі ляціць умітуські. Стрэлы забіваюць, а агонь спальвае. Свае ўдары Пярун скіроўвае часцей за ўсё на горы, дзе звычайна збіраецца плойма Нядобрых Духаў.
Паходжанне
Пярун меў шмат агульных рысаў з аналагічным культам Пяркунаса у балцкай міфалогіі. Яшчэ ў індаеўрапейскай міфалогіі бог навальніцы звязваўся з вайсковай функцыяй. Згодна з летапісным апісаннем, у кіеўскім пантэоне багоў князя Уладзіміра ідал Пярун быў драўляным з срэбранай галавой і залатымі вусамі. Свяшчэнным дрэвам Пярун быў дуб, а адным з атрыбутам лічыліся каменныя сякеры. Знойдзеныя ў зямлі, такія сякеры раней сярод беларускіх сялян прынята было называць “громавымі” ці “перуновымі” стрэламі (гл. Перуновы стрэлы). На мілаградскіх гарадзішчах знойдзены маленькія гліняныя сякеркі, якія мелі ватыўнае значэнне.
Служаць Перуну Духі-памагатыя — Гарцукі. У вольны час яны жывуць у вялікіх гарах. У час усходу і захаду сонца гуляюць па гарах. У поўдзень Гарцукі стралою носяцца на конях па палях і лясах. Ноччу, калі наступае час Чарнабога і яго памагатых, Гарцукі ў выглядзе розных драпежных птушак лятаюць у паветры, выконваючы даручэнні Перуна.
Памагатыя Перуна — магутныя Духі. Гарцукі здольныя ўтвараць вятры, буры, віхуры.
Культ каменнай сякеры быў распаўсюджаны ў старажытнасці ў Беларусі, Прыбалтыцы, Польшчы, Германіі, у карпацкіх гуцулаў. Яшчэ ў X – XII стст. вобраз Пярун. у славян – паганцаў асацыяваўся з вогненнай сякерай, якая ляціць па небе. Да зброі Пярун належалі таксама камяні
Вобраз бога-громабоя не быў выцеснены хрысціянствам, а трансфармаваўся і фактычна працягваў існаванне — у беларускіх народных абрадах, казках і песнях. Хаця ў большасці выпадкаў заменнік Перуна — хрысціянскі святы Ілля-прарок (Галляш), але існуюць тэксты, дзе Пярун успамінаецца непасрэдна.
Свяцілішчы Перуна ў Беларусі і іншых краінах
На тэрыторыі Беларусі да свяцілішчаў, прысвечаных Пярун, частка даследнікаў далучае помнік блізу в. Ходасавічы Рагачоўскага р-на. З пісьмовых крыніцаў вядома, што пры заключэнні дамоваў з Візантыяй усходнеславянскія паганцы кляліся, паводле свайго звычаю, “… оружьемъ своим и Перуном богомъ и Волосом скотьим богомъ”. Мяркуецца, што Пярун кляліся якраз воіны княскай дружыны. Магло быць і так, што Пярун і яго дамінавальную ролю ў славянскім пантэоне меў на ўвазе Пракопій Кесарыйскі (VІст.), які пісаў: “яны (славяне і анты) лічаць, што адзін толькі бог, тварэц маланак, з’яўляецца валадаром над усім…”
Пярун успамінаецца ў касмаганічным паданні «Адкуль пайшлі беларусы». Калі свет толькі зачынаўся, не было зямлі, было толькі бясконцае мора з мёртвай вадой, а пасярод яго стаяў «нібы камень, нібы што». Аднойчы Пярун пачаў кідаць маланкі ў гэты камень, і ад яго адляцелі тры іскры — жоўтая, чырвоная і белая. Іскры патрапілі ў мора мёртвай вады, і тое ўскаламуцілася, зямля аддзялілася ад вады, узнікла першая суша, на якой пасяліліся звяры, птушкі і людзі.

Верагодна, пераходзячы з вуснаў у вусны, паданне страціла важную дэталь, якая тлумачыць, чаму Пярун атакаваў камень: пад валуном (ці ўнутры валуна) мог хавацца яго вораг — бог, які ўвасабляў ніжэйшы, зямны, водны сусвет (Пярун, як вядома, увасабляў неба). У фальклоры захавалася шмат элементаў, якія ўтрымліваюць, здаецца, гэтую страчаную дэталь: вобраз чорта ці змяі, што схавалася ад маланак пад каменем («На том балотцы ляжыць камень, / На том камені ды сядзіць змейка», «Ляжыць камень бялюсенькі, / Пад тым каменем — люта гадзіна». На Лукомшчыне была запісана легенда пра цмока (гл. Лукомскі цмок), які якраз жыў унутры валуна і шыў людзям адзенне (гл. Камень-кравец). Ён прымусіў жыць з сабою дзяўчыну, якая вельмі яго баялася. Даведаўшыся, што цмок асцерагаецца грому, яна наўмысна не пабудзіла яго, калі пачалася навальніца і цмока забіла маланка.
stas&vlad_industries
This site was made on Tilda — a website builder that helps to create a website without any code
Create a website